Луп - Страница 20


К оглавлению

20

— Патраплю ці не?

— Г-э-х-х!

— Замятаўся, як Марка па пеклу!

— Бі!

Мастак стаў на масток.

— Досыць, хлопцы! Не ганьбіце сябе!

— Шалёны ж!

— Канчай яго!

— Не трэба, — сказаў няўпэўнена жаніх. — Як-небудзь аб’едзем.

— Праскачу, — падтрымаў яго ўжо і Пеця.

— Будзьце людзьмі, — сказаў Мастак.

— А мы што, не людзі?

Мастак адразу зразумеў, што зрабіў памылку. Пэўна, ва ўсякім зборышчы малазнаёмых людзей трапляюцца істэрычныя і злосныя. І вяселле не абышлося без такіх. Той, хто выкрыкнуў яму пра людзей, быў даволі высокі, але вузкаплечы хлопец гадоў дваццаці. Сальныя пасмы спаўзалі на яго вузкі лоб, вочы ён адводзіў, а рот быў шырокі, як у ментуза.

Мастак прамаўчаў.

— Сеў на халяву і камандуе! — выкрыкнуў зноў велікароты. Ён кінуўся да кучы, дзе выхапіў важкі камень.

— Я яго!

Ён не трапіў у Лупа, але цяпер нібы прарвалася нябачная плаціна, і каменне паляцела з усіх бакоў. Азартна, з віскам, кідалі і дзяўчаты.

Мастак схапіў велікаротага за рукі.

— Спыніся! Крыві захацеў?

Той істэрычна завішчаў, вырываючыся. Некалькі рук ухапілі Мастака за штармоўку, адцягнулі ўбок.

— Адпусціце, дурні! Звар’яцелі, ці што?

— Трымайце яго! — вішчаў велікароты. — Трымайце, а то я за сябе не адказваю!

Луп кідаўся на ланцугу, і дыханне яго з хрыпам вырывалася з горла. Адзін камень трапіў убок, другі — у грудзі, трэці — у спіну. Ён не ведаў, чаму людзі напалі на яго з такой варожасцю. І зноў на нейкае кароткае імгненне яго ахапіла пачуццё адзіноты і вялікай тугі, як і тады, калі ён ляжаў збіты аўчаркай і Рэкс рыхтаваўся перагрызці яму горла.

Камень перабіў яму пярэднюю лапу, другі трапіў у галаву, і пацэліць у яго стала зусім лёгка.

Мастак вырываўся, але яго трымалі моцна. Ён бачыў, як велікароты збегаў да аўтобуса і выскачыў адтуль з рыдлёўкай. У баку раўнадушна назіраў за ўсім сват і раз-пораз, як астраном, задзіраў галаву і падносіў да рота бутэльку. Велікароты адпіхнуў аднаго, другога, прарваўся праз гурт і з размаху секануў рыдлёўкай. Праз хвіліну ўсё было скончана. Не гледзячы адзін на другога, усе пацягнуліся да аўтобуса. Засталіся велікароты і шафёр Пеця. Мастака адпусцілі.

— Трэба ехаць, — вінавата сказаў яму Пеця.

— З вамі не па дарозе.

— Я ж не хацеў, казаў, што не варта.

— І як цяпер у вочы будзеце адзін аднаму глядзець?

— Палайцеся, і паедзем!

— Праз яго? — спытаў Мастак і кіўнуў на Лупа.

З машыны засігналілі, замігалі фарамі, а потым святло пагасла.

— Адцягнем убок, — згадзіўся Пеця. — У мяне ліхтарык ёсць, зараз запалю.

Велікароты не адыходзіў, прыслухоўваўся.

— Не ў канаву ж яго, — сказаў Мастак. — Закапаць трэба. Жорсткасць якая нялюдская. Гады вы!

— Дык мы яшчэ і гады! — зноў узвіўся велікароты. — Чуеце, мужыкі? — крыкнуў ён.

Тыя, хто яшчэ не паспеў залезці ў аўтобус, спыніліся.

Луп ляжаў на баку. Ён быў яшчэ жывы, калі мужчыны асвяцілі яго ліхтарыкам. Мастак расшпіліў тугі аброжак, такі тугі, што поўсць на шыі была выцертая да скуры, і зняў яго. Разам з ім упаў і ланцуг. І Луп, правальваючыся ў бездань, праз боль, які выцякаў з яго разам з жыццём, усё-такі краем падсвядомасці адчуў, як ланцуг упаў з яго, і падзівіўся таму, што воля і смерць прыйшлі адначасова.

Мастак распраміўся і зрабіў крок да велікаротага.

— Пагляджу на цябе. Можа, дзе сустрэнемся!

Нехта кінуў яму пад ногі рукзак, і Мастак усцягнуў лямкі на плечы.

— Абражаць? Мяне? — велікароты піхнуў яго ў твар.

Мастак зрабіў крок наперад, і рука яго ўзляцела ў паветра. Кулак трапіў велікаротаму ў сківіцу, і той, ікнуўшы, паклаўся на зямлю.

— Нашых б’юць!

Мастака зноў схапілі за рукі, скруцілі ззаду. Велікароты падхапіўся, патрос галавой, прыходзячы ў сябе, і ўдарыў яму нагой раз, другі. Вакол завіхаліся, перашкаджалі адзін другому. Нехта ўвесь час тыцкаў Мастаку збоку кулаком у твар.

— На ланцуг яго!

— Вяжы рукі!

Неслі ўжо ланцуг, накінулі на шыю аброжак, зашпілілі. Ад аброжка пахла псінай. З аўтобуса выскачыў Пеця, за ім вылез і жаніх.

— Вам прыгод мала?

— Пакіньце яго!

— Не, — сказаў велікароты. — Ён нас усіх абразіў. — Няхай на ланцугу паскача!

Мастака пацягнулі да аўтобуса. Канец ланцуга прывязалі да фаркопа, а рукі сцягнулі ззаду вяроўкай.

— Завадзі! — велікароты махнуў рукой.

— Я на волі не занудзіўся, — сказаў Пеця. — Не хачу з вамі за краты.

— Змоўкні ты, гнілы! — накінуўся на яго велікароты. — А то і цябе на ланцуг, разам пойдзеце! А я машыну павяду, ды не на першай перадачы, а на трэцяй. Пабегаеш, сука!

Пеця прыкметна разгубіўся.

— Што вы надумалі? — спытаў трывожна жаніх. — Якія гэта жарты — чалавека на ланцугу цягаць?

Але яго ўжо вялі ў аўтобус, паляпвалі па плячах, угаворвалі не хвалявацца.

— Няхай ахалодзіцца крыху, — падтрымаў велікаротага сват. — Правязём крыху, як сабаку, каб не абражаў вяселле, а потым адпусцім.

— Паехалі!

Яны паўскоквалі ў машыну. Панура палез туды і Пеця. Дзверы зачыніліся. Аўтобус крануўся з месца, і Мастак адчуў, як рыўком яго тарганула ўперад, ланцуг нацягнуўся, і ён міжволі ступіў услед. Прама перад сабой, за шклом, ён убачыў усмешлівыя твары, і дзяўчаты таксама смяяліся і глядзелі на яго. Яны там нешта казалі адзін аднаму, але ён не мог чуць.

Пачынаўся дождж са снегам, раптоўна знікаў, і неба ачышчалася ад хмар, але набягалі новыя, і зноў твар яму асыпала дробнай імжой. Напаўпусты рукзак з’ехаў са спіны і біў па нагах. Мастак уявіў, што, пэўна, мае дзікі і недарэчны выгляд са звязанымі рукамі, на ланцугу і рукзак зваліўся з плеч. Але ж ён зрабіў усё, што мог, і не яго віна ў тым зневажальным становішчы, у якім ён зараз апынуўся. Не, не яго.

20