Луп - Страница 15


К оглавлению

15

— Навошта чапляешся? — спыталі Шахоцьку з натоўпу. — І Меня гэтага прывёў. Якая табе карысць?

— Што за Мень такі жвавы?

— Не Мень, а мент, — скаламбурыў нехта.

Навокал зноў засмяяліся. Сяржант зазлаваў.

— Даставім прымусова, калі сам не пойдзеш. Супраціўляцца не раю.

Як толькі міліцыянер з паніклым Карнюшкам пайшлі да службовага памяшкання ў глыбіні рынку і натоўп зноў парадзеў, Шахоцька пашукаў вачыма і ўрэшце заўважыў тое, што яму было і трэба: напаўсагнуты жалезны прэнт з метр даўжынёй. Прэнт ляжаў убаку, ля плота. Шахоцька падняў яго, прасунуў адзін канец у шчыліну між дошкамі і выправіў.

Луп з яўным хваляваннем сачыў за ім увесь час, і хваляванне яго прыкметна ператварылася ў лютасць. Ён адчуваў нянавісць да чужынца, якая ўзрастала ўсё больш, ведаў: тое, што той робіць, — не жарт і дзівіўся, чаму людзі, якія ходзяць ці стаяць побач, не кінуцца на яго і не пасадзяць на ланцуг. Луп адчуваў варожасць, якая здаецца, выпраменьвала ад чалавека з прэнтам, але ніхто з людзей быццам і не бачыў небяспекі, што было яму вельмі дзіўна і незразумела. З першага погляду на чужынца Луп беспамылкова адчуў, што той хоча яго смерці. Зразумеўшы гэта, Луп пачаў рыхтавацца да схваткі, якая, як ён ведаў, адбудзецца вельмі хутка.

Шахоцька агледзеў невялікі гурт людзей, якія стаялі побач. Некаторыя з іх, зірнуўшы на ваўка, пакрысе адыходзілі, другія затрымліваліся, абменьваліся думкамі. Пасля таго, як разышліся Акцёр, Студэнт, Філосаф і Мешчанін, размова, якая цікавіла многіх, увогуле, як кажуць, звялася на дуду, і доўга тут ніхто цяпер не заставаўся. Шахоцька ўпэўніўся, што нікога з яго непрыхільнікаў няма, і адчуў сябе значна вальней. Непрыкметна трымаючы прэнт у руцэ, ён наблізіўся да звера, дакладна разлічыўшы даўжыню ланцуга і рывок ваўка.

Луп пільна сачыў за ворагам і адразу кінуўся імкліва і люта, і тады Шахоцька ўдарыў. Удар прыпаў не ў галаву, як ён цэліў, а слізнуў па шыі і ўздоўж пысы. Луп адчуў моцны боль, зноў рынуў насустрач, але ланцуг адкінуў яго назад. Ён прамахнуўся і сцяміў, што ў нечым памыліўся, што трэба быць вельмі асцярожным, бо ўсё тут зараз супраць яго. Але сэрца яго білася холадна і разлікова, бо ён ведаў, што наступіла тое самае імгненне, калі толькі ён сам можа сябе ўратаваць. Не было побач ні Гаспадара, ні мажнога чалавека з капялюшам у руцэ, ні яго дзіцяці, ні тых некалькіх людзей, якія, як ён адчуваў, маглі б і здолелі абараніць яго. Ён бачыў ворага, руку, у якой быў заціснуты прэнт, маўклівы натоўп, ад якога не даходзіла да яго яўнай варожасці, але і спачування таксама.

Людзі навокал сапраўды стаялі нерухома, і ніхто з іх пакуль не памкнуўся спыніць Шахоцьку.

— Шалёны ён! Дзіцё ледзь не загрыз!

Падбухторыўшы іх такім абвінавачваннем, Шахоцька злаўчыся і торкнуў вастрыём у жывот звера.

Луп зноў кінуўся, і ланцуг, як і раней, затрымаў яго.

— На дзіцё напаў? — спыталі з гурту. — І што?

— Лухта, — сказаў нехта. — Я бачыў, нічога такога не было.

На гэты раз у натоўпе заварушыліся і пачуліся выкрыкі:

— Эй ты, звар’яцеў, ці што?

— Пакінь жывёлу, дурань!

— Хіба яна не яго?

— А то не ж!

— Што робіш, чалавеча?

Шахоцька спыніўся і кінуў позірк туды, дзе знік Карнюшка з сяржантам.

— Не ваша справа!

Ён заспяшаўся, бо абставіны мяняліся не на яго карысць. Яшчэ раз замахнуўся, і ўдар трапіў па галаве, зачапіў вока, але ўжо нехта схапіў ззаду за рукі, яго трымалі. Шахоцька засіпеў, напружыў рукі і вырваўся. Нехта ўчапіўся за прэнт і цягнуў да сябе.

— Адбярыце ў яго жалязяку!

— Самога б па пысе!

— Спусціць ваўка з ланцуга — тады б зведаў!

Шахоцька кінуў прэнт пад ногі і адышоў убок.

16 гадзін

Сяржант Мень сам быў родам з вёскі, і таму паводзіны селяніна Карнюшкі, які сядзеў перад ім у падсобцы, не з’яўляліся для яго вялікай загадкай. Ён ведаў, што выціснуць з таго штраф амаль немагчыма: на гэта трэба змарнаваць фантастычную колькасць энергіі, таму пастрашыў яго дзеля парадку і адпусціў.

Падышлі да будкі шаўца. Карнюшка адразу ўбачыў, што тут нешта здарылася. Луп быў узбуджаны і нервова торгаўся на ланцугу. Ён прыкметна кульгаў, а на галаве каля вока не паспела яшчэ запячыся кроў.

— Гуляеш, дзядзька, а жывёлу тваю забіваюць, — пакпілі з гурту.

— Як так?

Яму расказалі пра Шахоцьку і спробу таго забіць ваўка. Карнюшка абурыўся.

— Валацуга! Ну пачакай жа!

Але ў душы ён ведаў, што нават калі сустрэне таго ж Шахоцьку, то нічога яму не зробіць, не дасць рады, бо той і мацнейшы і хітрэйшы за яго. А такіх людзей Карнюшка абыходзіў.

Ён адвязаў ланцуг і тузануў Лупа за сабой. Яны пайшлі, ціснучыся да плота (Карнюшка цяпер баяўся, каб Луп сапраўды каго не пакусаў), выйшлі за агароджу рынку і пацягнуліся да шашы.

Як і раніцай, Луп ішоў за Гаспадаром які крок ззаду, кульгаў і пазіраў таму ў спіну сваімі жоўтымі вачыма, адно было падбітае і зацягнула крывёю. Ён здагадаўся, што тая мэта, з якой яго прывялі сюды, не здзейснілася, і міжволі яго павага да Гаспадара, як і не раз у апошні час, паменшылася, бадай, пахіснулася зусім. Ён адчуваў да яго нават варожасць. Жаданне напасці на чалавека… У гэтым была спакуса. Але нешта больш магутнае стрымлівала яго, нешта набытае за тое жыццё, якое ён пражыў побач з людзьмі. То быў не страх перад чалавекам, а зусім іншае пачуццё, што ён моцна адчуў нядаўна, на рынку, калі далонь дзіцяці легла яму на галаву.

На нейкі час хмары разбегліся, і восеньскае няяркае сонца асвяціла ўсё навокал: і чэзлыя дрэвы, і лісце, і павуцінне, якое раптам з’явілася невядома адкуль, і зашмальцаваную траву пад нагамі.

15