Карнюшка спыніўся на абумоўленым месцы, прыкладна там, дзе яны раніцай злезлі з машыны, толькі з другога боку. Ён агледзеўся, дзе б прысесці, але нічога не знайшоў, прывязаў канец ланцуга да прыдарожнага слупка, а потым сам сеў на яго, хаця было мулкавата.
Луп лёг на траву і паклаў цяжкую галаву на лапы. Яго злёгку ванітавала. Абодва яны стаміліся. Машыны адна за другой праносіліся побач і знікалі ўдалечыні. Патыхала бензінам, адпрацаваным маслам, гарам. Трэба было чакаць Рыгора, а калі ён не прыедзе, то галасаваць якой спадарожнай.
Сядзець на слупку стала зусім няёмка, і Карнюшка выцягнуў з кішэні торбу, у якой вёз сюды свой абед, падаслаў яе пад сябе, сеў побач з Лупам і выпрастаў ногі. Спіна яго ўпіралася ў слупок, а ногі ён прыхіліў да боку жывёлы і адчуў сябе ніштавата. Луп зірнуў на яго сваімі жоўтымі, колеру бурштыну, вачыма, але адразу адхіліў галаву і стаў глядзець у неба, далёкае і халоднае. Там ледзь бачнай чорнай кропкай кружыў коршак.
…Рыгор убачыў іх здалёк, прытармазіў машыну і паволі вылез з кабіны. Здзіўлена глядзеў ён на Карнюшку, які паспеў ужо задрамаць. Воўк ляжаў з ім побач і глядзеў прама на яго, не міргаючы. Адно вока яго было скрываўленае, але позірк такі спакойны і разумны, што Рыгор аж сцепануўся. Вушы Лупа ўзняліся, цела напружылася, толькі вось, пакуль Рыгор не пераступіў нябачнай мяжы, што раздзяляла іх, ён не ўставаў.
— Гэй! — урэшце гукнуў Рыгор, і Карнюшка падхапіўся, а разам з ім падняўся на ногі воўк.
— Не ўзялі тавар? — з’едліва спытаў Рыгор. — Ну што стаіш, як сасватаны?
Карнюшка ўзрадаваўся.
— Не пакінуў мяне, Рыгорка, маладзец. А то я спруцянеў, чакаючы.
Ён агледзеў машыну, убачыў, што ў кабіне пуста, а значыць, дадому ён даедзе з камфортам, і бадзёра паляпаў па сцёгнах рукамі.
— Тавар, як бачыш, пры мне, — дадаў ён.
Рыгор у адказ паўшчуваў:
— Па руках бы цябе за гэткі тавар. Усё б з лесу цягнулі: дрэвы, грыбы, ягады, нават ваўкоў.
Карнюшка прапанаваў лісліва:
— Не крыўдуй, Рыгорка, мо лепш ля якой крамы спынімся?
— Навошта?
Карнюшка красамоўна пстрыкнуў сабе па шыі.
— Я б узяў. Сёння ж субота, да пяці даюць. Ля дома і пацягнем.
— Не хачу, — сказаў Рыгор. — А чаму твой Луп кульгае?
— Тут мне адзін сабакар, каб яго халера, даваў за яго чацвяртак, — распавядаў Карнюшка, адвязваючы Лупа. — Пэўна, на кучомку злупіў бы шкуру. А я не згадзіўся — дык ён, гад паўзучы, ледзь яго не забіў. А каб зараз, дык аддаў бы, чорт з ім!
— Гэ-эх, — закруціў Рыгор галавой. Толькі цяпер Карнюшка заўважыў, што ў яго сіняк пад вокам. — У гадах ты, дзядзька, а разважаеш, як пэтэвушнік перад стыпендыяй: спагнаў, прадаў! Скажу прама: я табе рады, як цвіку ў боце!
— Нешта злосны ты, Рыгорка, — прымірэнча буркнуў Карнюшка. — А рухавік абмяняў?
— Унь жа, новы, — паказаў у кузаў Рыгор.
— А пабіўся з кім, ці як?
— Садзі свайго Лупа і лезь сам у кабіну, бо няма часу, — незалюбіў той. — Бо замёрз, як прус!
Не выпускаючы ланцуга, Карнюшка таропка падбег да задняга борта і апусціў яго. Новы рухавік блішчэў срэбрам у кузаве.
Луп моўчкі назіраў за тым, як мітусіўся Гаспадар, як Рыгор палез у кабіну. Ён пачакаў, пакуль дадуць знак, і скокнуў у кузаў, але ледзь не сарваўся ўніз ад болю ў лапе. Гаспадар падцягнуў яго за ланцуг і дапамог ускараскацца наверх. Там Луп адразу лёг і заплюшчыў вочы. Ён чуў, як Гаспадар прывязаў ланцуг, як пасля палез у кабіну да Рыгора і як кранулася машына. Яго загайдала, і ён задрамаў. Асфальт неўзабаве скончыўся, бо яны з’ехалі на бальшак, які вёў да вёскі.
Рыгор і Карнюшка сядзелі ў кабіне. Рыгор умела вёў свой «зілок», але быў невясёлы, хаця рухавік атрымаў на базе без затрымкі і мусіў вярнуцца дамоў да цемнаты. Невясёласць яго тлумачылася бязглуздай бойкай з падлеткамі, але была і яшчэ прычына. Прыкладна тыдзень таму ён зрабіў прапанову дзяўчыне з суседняй вёскі Восава. Рыгор з Марынай ведалі адзін аднаго каля трох гадоў — увесь час, пакуль служыў, Рыгор атрымліваў ад яе наіўныя лісты, у якіх падрабязна паведамлялася аб усіх падзеях і зменах у вёсцы. Але цяпер Марына была зусім іншая, і ад яе наіўнасці не засталося амаль нічога. Вось каб яны жылі ў горадзе! Мясіць гразь на ферме гумавымі ботамі, як маці, — не, гэта не па ёй. І маці яе падтрымала: толькі ў горад, дачушка! Досыць, яна за іх абедзвюх адпрацавала. Не ў маладзёжны ж жывёлагадоўчы атрад ісці. Стварылі яго гады тры назад. Гаварылі пра яго ў раёне шмат, пісалі ў газеце, абяцалі многае. Але, акрамя дрэнна пашытай формы, нічым не забяспечылі. Пашумелі, пакрычалі, а на ферме транспарцёр так і не працуе. А на заўвагу Рыгора, што час змяніўся і ў лепшы бок, Марына толькі пакпіла: жыццё ж кароткае, а мне жыць не горш за іншых ахвота. Паглядзіш вунь тэлевізар, дык зайздросна…
У глыбіні душы Рыгор адчуваў, што не зусім удалася характарам яго каханка, але іншыя дзяўчаты ў іх вёсцы былі зусім не тое, а прыгажосць усё-такі, думаў Рыгор, як ні круці, а вялікая сіла.
І кожная жанчына аддасць за яе і розум, і душу, і нават шчасце. Бо і мужчыны імкнуцца не да разумных ды добрых, а да тых, якія ім смачнейшыя.
Цяпер, па дарозе дамоў, Рыгор думаў пра тое, што калі ў дзяўчыны ў галаве завяліся такія думкі, то справа яго ўвогуле дрэнь. «Бо хто я такі? — раптам успомніў ён. — Калгаснік. Вось дык слова — мянушкай стала!»
І Рыгор проста так, каб пачуць якое спачувальнае слова, хацеў ужо расказаць Карнюшку, як яго набілі і абазвалі калгаснікам, але перадумаў і пачаў расказваць іншае — як у арміі ім прыслалі новага ўзводнага, і той узводны, малады, дуркаваты яшчэ лейтэнанцік, вучыў іх страявой: ну што ты як калгаснік ходзіш, казаў ён, ану падцягніся, так тваю і гэтак… Нехта са старэйшых афіцэраў пачуў і павёў з сабой таго лейтэнанціка. Праз якую гадзіну той вярнуўся і калгаснікамі больш нікога не называў.