— Ты, вядома, ідэалізуеш тую суполку, — сказала Рыта, збіраючы мужу рукзак. — Хутка заспяваеш зусім іншае: варта пасварыцца там з кім-небудзь. Але я адсюль нікуды больш не варухнуся нават. Досыць па чужых кутках бадзяліся. Нараджу дзіцё і буду проста жыць.
— Ісціну кажаш. Каб усе жанчыны меркавалі так, свет быў бы інакшы.
Рыта падумала і сказала:
— Твая бяда ў тым, што ты ўвесь час імкнешся той свет перайначыць. А ў яго свае законы. Баюся я за цябе, нібы за дзіцё малое.
Мастак задумаўся.
— Ды не, — сказаў ён няўпэўнена, — зусім не. Я толькі хачу маляваць свае карціны і каб мне не перашкаджалі.
Рыта машынальна спрачалася, каб адцягнуць час, і паволі збірала яго ў дарогу. Яна хадзіла на кухню, заглядала ў ванную, напакавала цэлафанавую торбачку. Прынесла рукзак. Раптам спынілася.
— Ты паедзеш, а мне чамусьці вусцішна. Быццам нешта благое павінна здарыцца. І сон прысніўся дрэнны. Нібы забегла да нас дзіцё чужое, ды нейкае яно страхалюднае, пачварнае, галава ненатуральна вялікая, як у карліка. Нечаканасць будзе, і нядобрая.
Мастак паціснуў плячыма.
— Забабоны.
Ён зноў падышоў да акна і пачаў глядзець. Прыкметна ўжо развіднела, і ён бачыў удалечыні шашу, якая агінала іх раён. У баку ад шашы віднелася між новабудоўляў плошча памерамі амаль са стадыён, з драўлянымі павецямі, лаўкамі, невялікімі цаглянымі буданчыкамі — гэта быў так званы «птушыны рынак». Неўзабаве яго збіраліся зносіць, але пакуль што рынак жыў. І ў халодную гэту раніцу ён нагадваў мурашнік: завіхаліся паасобку альбо, наадварот, паўсюдна збіраліся ў гурты людзі.
Мастак не любіў развітанняў, не любіў пакідаць жытло і адпраўляцца ў дарогу, калі на вуліцы золак, а жонка адчувае сябе блага. Але праз якія дзве-тры гадзіны ён мусіў ісці. У нядзелю запаведнік мелася наведаць сталічная дэлегацыя, і яму загадалі прыехаць раней. Мастак, хоць і належаў да багемы, быў чалавекам з ярка выяўленым пачуццём абавязку і таму лічыў, што служба, якая б яна ні была, усё-такі служба і нічога тут не зробіш.
Рыта паставіла рукзак, дакранулася да мужавага пляча.
— Не крыўдуй. У цябе цудоўныя карціны. Але я не хачу заставацца адна.
Мастак прытуліў яе.
— Не трэба палохацца адзіноты. Як сказаў мысліцель, пекла — гэта іншыя.
— Не буду.
— Вось і разумніца.
Мастак паклаў рукзак на зэдлік і зазірнуў, што там ёсць. Здаецца, усё было пры ім — бялізна, ручнік, зубная шчотка, шкарпэткі, бутэрброд. Кніга ў дарогу. Ён зноў вярнуўся да акна.
Машына збочыла якраз там, дзе шаша шырокім кальцом агінала горад звонку. Шафёр, хлопец гадоў дваццаці, быў чамусьці асабліва пахмурны і незадаволены. Пад яго злосным позіркам (адно вока было зялёнае, другое блакітнае) Гаспадар мітусліва адчыніў задні борт і па-старэчы закрактаў — палез у кузаў.
Толькі тады ён падхапіўся, бо зразумеў, што трэба скакаць уніз. Ён моўчкі ўзняў вялікую лабатую галаву і скасавурыў вока на Гаспадара. Той выцягнуў з кішэні і соўгаў шафёру ў рукі пакамечаную паперку.
— Дзякуй, Рыгор, — сказаў Гаспадар. — Вось, бяры. А просьба ўсё тая ж: будзеш ехаць назад, дык забярэш і мяне. Мо аднаго, а мо і з ім прыйдзецца вяртацца. — Ён тузануў ланцуг.
— Не для мяне ўсё гэта, — пагардліва пакруціў галавой Рыгор і адпіхнуў паперку.
— Зроб ласку, братка!
— Мо сорам у кішэню і ўвогуле з табой тут застацца?
— А ты і службу служы і сябру дапамажы!
Рыгор задумаўся, пасля незадаволена кіўнуў і палез у кабіну.
— Ну, чакай!
Яго машына кранулася з месца і неўзабаве згубілася на шашы сярод такіх жа машын. Гаспадар схаваў грошы і агледзеўся.
Было вусцішна і золка. На бетонных слупах яшчэ гарэлі начныя ліхтары. Чарада варон павольна махала крыллямі ў хмарным халодным небе. Часам налятаў на перамену надвор’я парывісты, куслівы вецер, узнімаў пад нагамі слупкі пылу. Чэзлыя дрэвы паабапал шашы паспелі ўжо агаліцца ад лісця. Стаяла позняя восень, але снегу яшчэ не было.
Гаспадар крануў ланцуг, і ён пакрочыў следам, зрэдку пазіраючы яму ў спіну жоўтымі вачыма, у самай глыбіні якіх часам мільгала нешта каламутнае і цяжкое. Дарога, па якой яны рухаліся, вяла, дарэчы, да «птушынага рынку», ці Рабаўнічай Гары, — месца, дзе калісьці напаўлегальна, а зараз законна гандлявалі ўсялякай жыўнасцю і гаспадарчай дробяззю.
Нягледзячы на тое, што было яшчэ рана, на рынку было шмат людзей. Прадавалі і куплялі тут усё: катоў, свіней, трусоў, пародзістых і беспародных сабак, галубоў, канарэек і папугайчыкаў, варон, якія маглі вымаўляць некалькі слоў, гусей і хамякоў, паўсонных ужо вожыкаў, малявак для акварыумаў, а таксама футравыя зімовыя шапкі-кучумкі і старыя ношаныя галёшы, салдацкія боты і абажуры ў стылі «рэтра», вопратку, клеткі для звяркоў і птушак, скрыні для пасылак, дубовыя бочкі і лыжкі, венікі для лазні, пласцінкі пяцідзесятых гадоў, касеты з рок-музыкай і шмат чаго іншага.
Цэлы рад быў заняты гандлярамі, якія прапаноўвалі журавіны, познія грыбы і арэхі. Там-сям грувасціліся невялічкія купкі чагі, пукі святаянніку, валяр’яну, рамонкаў, папартніку, кары вярбы, сушаных чарніц, чарнаплоднай рабіны, шыпшыны і іншых лекавых ягад і траў.
Кааператыўшчыкі ў суседнім радзе заклікалі купляць іх сваёй гатоўкі вырабы: шырокія, як мяхі, нагавіцы, світэры, сукенкі, фотакопіі катоў з зялёнымі д’ябальскімі вачыма, біжутэрыю.
Гаспадар пасунуўся з ім уздоўж плота, бо там было менш людзей, і скіраваў да адносна свабоднага кутка, дзе стаяла пазабіваная цвікамі будка шаўца. Тут ён разматаў ланцуг і як наймацней прывязаў яго канец да жэрдкі паміж плотам і будкай. Пасля пахукаў на азалелыя рукі і агледзеўся навокал.