Тое, што ён, Сямён Карнюшка, вырашыў падацца ў гандляры, не вельмі спадабалася яму самому, бо абяцала наперадзе шмат клопатаў, якіх не вартыя былі і грошы, а вялікіх грошай ён атрымаць не спадзяваўся. «Але ж, — думаў ён, — усё можа быць. Можа, і пакупнік добры знойдзецца на яго «тавар». І Карнюшка азірнуўся на таго, каго ён сюды прывёз.
На зямлі стаяў і пабліскваў пахмурнымі бурштынавымі вачыма воўк-трохгодка. Падгалісты, з падцягнутым жыватом, вострымі вушамі, ён не садзіўся і не лажыўся, а, насцярожана прыўзняўшы пысу, трымаўся спінай да сцяны. Сабакі пачулі яго і, захлынаючыся істэрычным брэхам, ірвалі павадкі, але ён не звяртаў на іх увагі.
Луп быў худы і занядбаны, бо кармілі яго ў апошні час дрэнна. Поўсць месцамі, асабліва на шыі, збілася, выпіналіся рэбры і вузлаватыя мышцы на лапах. Адчувалася, што справы яго кепскія, праз год-два зачахне і ціха сканае ў якую з начэй, але пакуль трымаецца за жыццё, як трымаюцца за яго ўсе жывыя істоты і людзі таксама.
Але Сямён Карнюшка і не збіраўся ацэньваць яго. Ён кляў цяпер сябе за тое, што тры гады таму не забіў ваўчаня разам з усім вывадкам, які выпадкова знайшоў у лесе ля ручая, амаль побач з вёскай. Тое, што рэдкія па цяперашнім часе ваўкі чамусьці не сяліліся ў дрымучых лясах, у нерушы, а ўсё часцей выводзілі патомства вось так, непадалёку ад чалавека, — у гэтым была таямніца.
У вывадку было пяцёра ваўчанят. Ён прынёс усіх дадому і, не зважаючы на крыкі жонкі і маўклівую пагарду Лявона, сына-васьмікласніка, узяў сякеру і панёс усіх за пуню.
На зямлі яны не разбягаліся, а гулялі: нападалі і абараняліся, імітавалі бойку, гірчэлі зусім як сабачыя шчанюкі, і кожнае, калі ён браў яго за шкуру за вушамі і трымаў, спрабавала кусацца, і тады ён узнімаў сякеру і гаварыў:
— Цябе, ваўчару, заб’ю, але тым уратую іншых!
Бледны Лявон стаяў і глядзеў. Спытаў толькі:
— Якіх іншых?
— А тых, — адказаў ён, — якіх гэтыя стварэнні, калі вырастуць, жыцця пазбавяць.
На што Лявон, смаркач яшчэ, заўважыў:
— Не ты ім жыццё даваў, не табе і адбіраць!
Пятае ваўчаня, самае ладнае, ён чамусьці пакінуў. За чатырох, якіх прывёз у райзаг, яму далі даведку, па якой ён атрымаў дзвесце рублёў, бо за кожнае ваўчаня, якое не дасягнула трохмесячнага ўзросту, выплочвалі па пяцьдзесят рублёў, а за дарослага ваўка — сто.
Праз тыдзень ён, ужо на падпітку, выхваляўся перад суседзямі дармовымі грашыма і запрашаў усіх паглядзець ваўчаня.
Спачатку былі салодкія хвіліны. Аб тым, што ў яго гадуецца воўк, напісала ў раённай газеце карэспандэнтка — маладая, гаваркая і, на яго думку, вялікага розуму жанчына. У старонцы аховы прыроды з’явіўся артыкул, у якім расказвалася пра калгасніка Карнюшку (ён працаваў у калгасе паляводам) і яго сябра — Лупа. Менавіта яна ўзнагародзіла ваўка мянушкай, якая і прыліпла, хаця Карнюшка прапанаваў сваю. Неяк праз год ён зноў сустрэў на дарозе знаёмы «ўазік», і там сядзела тая самая жанчына-карэспандэнт — праўда, састарэлая і заклапочаная, хаця Карнюшку пазнала, і ён тады не ўтрымаўся, спытаў: чаму менавіта Луп? Жанчына ўсміхнулася і растлумачыла, што гэта ад лацінскага лупус — воўк. І Карнюшка адразу згадзіўся: а як жа, вельмі трапная мянушка.
З несамавітага чалавека ён адразу стаў вядомым. Яго з ваўком сфатаграфавалі ў газету, і Карнюшка ўзняўся на новы прыступак пакрысе затухаючай славы.
Але далей справы пайшлі горш. Луп рос і станавіўся ўсё болей неспакойнай істотай. Карнюшку давялі, што ваўчыцу яшчэ можна прыручыць, а вось самца — наўрад. «Усё роўна ўцячэ, — гаварылі яму, — як ваўка ні кармі, ён у лес глядзіць». «А ланцуг нашто?» — адказваў на тое Карнюшка.
Кармілі Лупа збольшага. «Лепш яшчэ аднаго кабанчыка трымалі б», — не раз даводзіла жонка, але Карнюшка злаваў і гнуў сваё. А Луп рос, і таму тонкі і не вельмі моцны ланцуг замяніўся на даўжэйшы, з тоўстымі звеннямі. Пасля неаднаразовых дарэмных спроб перагрызці яго Луп пакінуў свае намаганні. А на трэцім годзе жыцця ён упершыню падаў голас.
У клубе праходзіў справаздачны сход, а пасля выступалі мясцовыя музыкі і спевакі. Карнюшка збіраўся дадому, калі пачуў раптам дзіўныя гукі. У зале таксама пачулі і пачалі перашэптвацца.
Пакуль іграў самадзейны аркестрык, Луп моўчкі ўслухоўваўся ў ледзь чутную мелодыю, а калі музыкі зрабілі перапынак і нехта расцягнуў гармонік, не вытрымаў. Ён нібы кідаў выклік, распавядаў сваю самоту маўкліваму небу ў россыпе зорак, далёкаму лесу і поўні, якая раптоўна выбегла з-за пуні і вісела ў цёмнай халоднай пустэчы.
— Г-у-у-оў-у-у-у-у!
Раптам узнялося над вёскай, над асмужанымі паплавамі і рэчкай выццё, адгукнулася рэхам у далёкім лесе.
Адразу сціхлі, перасталі гаманіць людзі ў клубе, чамусьці ўсім стала вусцішна. Музыкі, а следам і гледачы пацягнуліся да выхаду. У хатах старыя перажагналіся, а немаўляты прачнуліся і пачалі енчыць і плакаць.
— Што здарылася?
— Карнюшкаў воўк вые.
— А я ваўкоў і не чуў ніколі!
— Малады, таму і не чуў. І не дай бог чуць.
— О-у-у-у-у-у-у-у-у-у!
Луп цягнуў спачатку хрыпла і няўпэўнена, але потым адолеў адну даўгую і чыстую ноту, і голас яго ўзнімаўся ў вышыню і, здаецца, рассякаў халоднае восеньскае паветра.
Карнюшка ўспомніў, як ён прыбег раззлаваны дадому, і не стрываў — хвастануў ваўка палкай, але Луп таргануў пашчэнкамі, і палка з храбусценнем пераламалася. Яму стала ніякавата, нават страшна, і ён задумаўся: а што рабіць з ваўком далей? Забіць і здаць шкуру ў райзаг? Але там, пэўна, таксама чыталі газеты і бачылі здымак. Што яны скажуць? Бадай, і грошай не выплацяць, — меркаваў ён. — Знойдуць прычыну, ім жа абы не заплаціць. Пачнуць круціць: маўляў, воўк, нібы сабака, сядзіць на ланцугу, ручны, дык, пэўна, ужо і не воўк. Ім закон — сваяк, а мне — чужынец. Злупіць шкуру на шапку таксама няёмка, бо суседзі пачнуць кпіць. Пачнецца такая плявузгота…