Ноччу Луп зноў выў, але Карнюшка ўжо не стаў паднімацца з ложка — чорт з імі з усімі. Ён слухаў, як злосна мармытала нешта жонка, глядзеў, як хмары ў акне то засланялі месяц, то ён зноў вісеў у небе, як цені ад дрэва варушыліся па сцяне, і ўсё гэта пад ваўчынае выццё, ад якога беглі па скуры мурашкі і хацелася стаць зусім малым і непрыкметным і закапацца ў якую нару.
З раніцы вёска падзялілася на два лагеры. Людзі сталага ўзросту патрабавалі ад Карнюшкі зрабіць што хоча, але каб больш выцця па начах не было. Другі, меншы, лагер аб’яднаў маладых дзяўчат і хлопцаў на чале з мясцовым настаўнікам Тамковічам. Яны пачалі абараняць Лупа — дзе яшчэ пачуеш такое дзіва? Толькі ў іхняй вёсцы. Настаўнік Тамковіч, які выкладаў у школе біялогію і якога ў вёсцы лічылі злёгку прыдуркаватым, гаварыў, на думку старых, зусім недарэчнае. Быццам мы ўсе страцілі пачуццё супольнасці з Прыродай, а ваўчынае выццё нібы зноў вяртае нас да тых далёкіх часоў, калі чалавек быў сам-насам з вечнасцю. Свае думкі ён абгрунтоўваў тым, што, маўляў, у Канадзе, а там жыў яго сваяк, які зрэдку слаў яму пісьмы, турысты прапануюць добрыя грошы, каб іх звазілі ў тундру, дзе яны ноччу слухаюць ваўкоў, якія блукаюць непадалёку ад іх вогнішчаў, і што за мяжой нават выдаецца часопіс, які так і называецца — «Выццё».
Але настаўнік Тамковіч не меў аўтарытэту ў большасці вяскоўцаў, бо ён быў не тутэйшы, не хацеў жаніцца і заводзіць гаспадарку і жыў, на іх погляд, абы-як. Тым не менш Карнюшку трэба было нешта вырашыць. Вось тады і паспела ў яго думка прадаць Лупа на рынку, як звычайнага сабаку.
Пакрысе вакол Лупа і яго гаспадара сабраўся натоўп. Чутка аб тым, што прадаюць жывога ваўка, абляцела рынак.
Луп па-ранейшаму стаяў спінай да сцяны. Ён не збіраўся класціся на зямлю, нібы сабака, хоць і стаміўся. Яшчэ ніколі ў сваім жыцці ён не бачыў столькі жывых істот. Ён быў чужынцам і тут, на рынку. Людзі тыцкалі ў яго пальцамі, а сабакі аж заходзіліся ў брэху, вядома, на бяспечнай ад яго адлегласці. Але Луп ненавідзеў і пагарджаў імі, як пагарджаюць тымі, хто значна ніжэйшы за цябе.
Вясковыя сабакі надакучвалі яму і раней. Яны вольна бегалі за плотам, брахалі, пачуўшы яго, але болей па звычцы; пакідаючы меткі, з нахабнай знявагай пырскалі на плот мачой і ўрэшце знікалі. З часам Луп навучыўся не звяртаць на іх увагі. І зараз любога з іх, калі б выпала, ён разарваў бы на кавалкі, нават вялікага і дужага. Як знішчыў ён аднойчы Рэкса.
Луп, вядома, не мог ведаць, што блатнаваты суседскі хлопец Віталь, уладальнік Рэкса, уплываў на Лявона, які вучыўся ўжо ў прафтэхвучылішчы і якраз прыехаў на канікулы; што гэты Віталь іншы раз біў Лявона проста так, каб баяўся, а потым зноў набліжаў да сябе — прыручаў. Тады яны якраз хадзілі разам і Віталю карцела ведаць, хто мацнейшы: аўчарка ці воўк? Яны выбралі час, калі Карнюшка з жонкай пайшлі з дому, і нацкавалі іх.
Рэкс быў рослы і смелы сабака, мацнейшы за ваўка. Яго не забываліся карміць штодзень і не раз, і да таго ж ён быў старэйшы ледзь не на два гады і больш вопытны, таму што на ланцугу яго трымалі мала. Ён шмат вандраваў ля вёскі, асабліва летам. Усе навакольныя сабакі баяліся яго.
Пачуўшы ваўка, чатырохгадовы Рэкс пачаў ірваць павадок, сіпеў і гірчэў — імкнуўся ў бойку. Лявон так і не рашыўся зняць з яго, Лупа, ланцуг, на што ён вельмі спадзяваўся. Таму ён адразу і апынуўся ў небяспецы, калі ў загарадку з рыканнем уляцеў Рэкс, якога Віталь наўмысна спусціў з павадка. Ланцуг блытаўся між лап і абмяжоўваў манеўр. Але ж калі Рэкса і магчыма было чым-небудзь спужаць ці прымусіць адступіць, то яго, Лупа, — не, бо ён не ведаў страху, нават перад людзьмі, бо і яны былі для яго ў чымсьці разгаданымі, а значыць, зусім не страшнымі істотамі.
Яны схапіліся грудзі ў грудзі і пакаціліся па зямлі. Рэкс добра пад’еў раніцай, быў увогуле цяжэйшы, таму праз якую хвіліну паваліў яго, пракусіў лапатку і падбіраўся ўжо да горла, але ў абодвух яно было абаронена аброжкамі, што не давала ніводнаму з іх хуткай перамогі. Мо тады, пад сабакам, які люта гірчэў над ім, ён раптам упершыню адчуў свае адзіноцтва і безабароннасць у гэтым назаўсёды варожым яму свеце, але адчуванне было імгненнае і хуткаплыннае, як маланка. Ён тады зразумеў — такі яго лёс і доўга біцца яму не выпадае: Рэкс перагрызе яму жылы на лапах ці дабярэцца да жывата і — канец. Лютасць перапаўняла абодвух, бо сутыкнуліся прадстаўнікі смяротна варожых відаў. Ашаломленыя хлопцы нібы спруцянелі, назіраючы за бойкай.
Чыстапароднасць Рэкса таксама выключала боязь і псіхалагічную няўстойлівасць — любы дварняга з прымессю іншароднай крыві спачатку абмачыўся б ад страху, а потым падставіў бы горла, бо воўк — гэта ўсё-такі воўк — дзікі і злосны звер.
Рэкс, дарэчы, браў верх, а ён, Луп, задыхаўся (седзячы другі год на ланцугу, ён быў пазбаўлены руху, і гэта цяпер адбівалася), і здаецца, тут яму і пагібель, але ж інстынкт і вопыт шматлікіх пакаленняў зрабілі сваё. Ён падкурчыў і заднія лапы і з усіх сіл таргануў імі, калі адчуў цёплы, мяккі і безабаронны жывот ворага. Так звычайна робяць ваўкі, нападаючы на буйную жывёлу, калі кідаюцца пад ніз і хапаюць за горла. Рэкс заскуголіў і адваліўся ад яго, заліваючы крывёю ўтаптаную брудную зямлю. З разверненага жывата пацягнуліся кішкі.
Вечарам у той жа дзень аўчарку прыстрэлілі і закапалі пад яблыняю.
Чутка аб яго перамозе абляцела ўсю вёску, і ён чакаў тады нейкай для сябе кары, але нічога такога не здарылася. Гаспадар нават прынёс аднекуль горкага на смак (ён паспрабаваў языком) парашку і пасыпаў яму на разарваную лапатку, бо над ранай ужо нахабна зазвінелі мухі, якіх прыходзілася бесперапынна адганяць, і ён не мог адпачнуць. Пасля парашку мухі зніклі, і ён заснуў у будцы, куды Гаспадар дагэтуль кінуў свежаскошанага сена. Пахі травы прынеслі яму дзіўныя і трывожныя сны. Яму прыснілася, што быццам на ім не было ланцуга, сніўся поплаў за парканам, ён хутка ачуўся і доўга не мог супакоіцца, а калі зноў заснуў, то яму ўжо снілася, што ўсе хадзілі з ланцугамі на шыях. Нават людзі вадзілі адзін аднаго на ланцугах. Прачнуўшыся, ён тады ў каторы ўжо раз паспрабаваў ікламі жалезныя звенні і, паступова раздражняючыся, пачаў разглядаць праз драцяную агароджу падворак, па якім хадзілі куры, качкі і індыкі, а потым жонка Гаспадара выгнала свінню і падсвінка.