Мастак пачуў: людзі вакол жывёліны ўсхвалявана спрачаюцца. Ён прыслухаўся.
— Ты б, дзядзька, выпусціў свайго звера ў лес, — гаварыў высокі ўсмешлівы хлопец, якога тут звалі Студэнтам, — а мы цябе ўхвалілі б.
— Тата, — падтрымаў Студэнта Ігар, — няхай яго адпусцяць!
Карнюшка спахмурнеў.
— Калі не прадам, ён і далей мне замест сабакі будзе.
Мешчанін абурыўся.
— На ланцугу ён усё роўна загіне. Прырода свайго патрабуе.
Акцёр велічна падняў руку.
— Ты ведаеш, лабідуда, на што ты яго пасадзіў? — спытаў ён.
— Ведаю, — разгубіўся Карнюшка. — На ланцуг.
— На сумленне сваё!
У натоўпе загаманілі.
— Не разумею я сучаснай вёскі, — працягваў Акцёр, — і што за людзі там жывуць — невядома! Там усе такія, як ты?
Карнюшка засоп.
— Ды не, — сказаў Студэнт, — ён выключэнне.
— Спецыяльнасць нават ёсць — забойшчык жывёлы, — гнуў сваё Мешчанін. — Днямі ў мясцовай газеце вычытаў: патрабуюцца вучні.
— Вясёлага мала, — згадзіўся Філосаф, — але ж, мяркую, некалі чалавецтва не стане есці жывёл.
— Каго ж яно будзе есці?
— Генная інжынерыя. Уплываючы на гены, можна вырошчваць, напрыклад, спецыяльных мясных чарвякоў. Завёў сабе дома такога і адсякай па кавалку. А ён будзе рэгенерыраваць, аднаўляцца. Кармі толькі. Пазбавімся ад зброі, зоймемся медыцынай, і людзі, магчыма, будуць жыць па трыста ці пяцьсот гадоў.
Студэнт не згадзіўся.
— Малаверагодна, — сказаў ён. — Я вось чытаў, што Сусвет увогуле імкнецца да неарганічнага стану. І мы не ведаем нашых аналагаў, ці ж гэта не дзіўна?
Філосаф аспрэчыў:
— Розум прывядзе нас да братоў. Існуюць жа недзе іншыя цывілізацыі.
— А я не веру ў розум, не гаворачы аб цывілізацыях, — сказаў Акцёр. — Ці такі ўжо ён мэтазгодны? Пакуль што розум толькі разбурае. А калі менавіта ён прыводзіць від, які ім надзелены, да экалагічнага тупіка? Існуюць жа думкі, што працягласць жыцця чалавека як віду максімум некалькі стагоддзяў — з пачатку работы першага радыёперадатчыка.
— Чаму радыёперадатчыка?
— Радыёхвалі. Іх можна слухаць за сотні светавых гадоў. Але ж мы нікога не чуем. Пустэча. Можа, хто і быў, пакаўкаў крыху, як мы, і — гамон!
Навокал зноў засмяяліся.
— Усё залежыць ад нас, — запярэчыў Філосаф.
— Лухта! — сказаў Акцёр. — Чалавек — гэта не гучыць горда! Занадта паўсюдна гора, каб спяваць сабе асанну!
— Мо ўсякае арганічнае інстынктыўна мадэлюе варожасць у адносінах да розуму, бо адчувае, што ён у рэшце рэшт прынясе яму пагібель? Чаму ў блажэнных, у юродаў няма ворагаў?
— А раптам усё яшчэ больш складана? Мо сатанінскія сілы змагаюцца з намі? А поле бітвы — наша Зямля?
Навокал загаманілі. Гутарка цікавіла многіх. Карнюшка слухаў з разяўленым ротам. Крыху ўбаку маўкліва стаяў Мастак.
— Я падтрымліваю, — раптам сказаў Мешчанін. — Вось знікне азонавае покрыва, загінуць жывёлы, дык ці доўга і мы працягнем пад купаламі са штучнага шкла?
— У свеце, можа, няма мэты і сэнсу, а жыццё выпадковае, — буркнуў Студэнт.
— А калі яно не выпадковае?
— На што намякаеш?
— На тое, што і ты.
— Бадай. Але як праверыць?
— Праверыць то і нельга! Але ж якая малая імавернасць падзей, які ланцуг паслядоўны!
— Можа, тэхнакраты хаваюць ад нас нешта, нібы старажытныя жрацы? — спытаў Філосаф і зноў пакратаў адзін з пярэдніх зубоў. Зуб хістаўся.
— Ёсць шмат, Гарацыо, на свеце таямніц, — уздыхнуў Акцёр.
— Хто многа ведае, той дрэнна спіць…
Спрэчка працягвалася.
— Кажаш, генная інжынерыя? — зноў узвысіў голас Акцёр. — Але ж гэта выраджэнне ўсяго і ўся! Адны яе сумленна прымяняць будуць, другія — на зло!
— Сітуацыя не безнадзейная, — стаяў на сваім Філосаф. — Усё будзе можна кантраляваць.
— А СНІД? Яго як кантраляваць? А землятрусы, азонныя дзіркі, смог?
— Мяркую, пачатак ёсць, — змрочна ўсміхнуўся Студэнт. — Фініш ужо блізкі. Садом і Гамора.
— Так, — сказаў Акцёр. — Мо Страшны Суд ужо даўно пачаўся, а мы не ведаем.
— Калі — даўно? — спытаў Мешчанін.
— А вось калі ўключыўся першы радыёперадатчык. Калі першае балота асушылі.
— Містыка, — сказаў Філосаф.
— І ўсё-такі жыць цудоўна, — вырвалася раптам у Студэнта. — Нават ваўком на ланцугу. Але я супраць усіх ланцугоў у свеце.
— Ціха! — Акцёр узняў руку. — Вернемся да справы. Студэнт мае рацыю: гэта жывёла павінна стаць вольная!
— Так, так, вольная, — загаманілі, заківалі навокал, толькі Карнюшка маўчаў.
Філосаф падтрымаў Акцёра.
— Адпусці ваўка, — звярнуўся ён да Карнюшкі.
— Я яго адпушчу, а ён дзіцё сустрэне дзе-небудзь ля вёскі ды загрызе — што тады? — спытаў Карнюшка.
У натоўпе прыціхлі.
— Ды ён ад аднаго выгляду чалавека ўцячэ, — тыцнуў на Лупа Акцёр. — Мы абрыдлі яму горш за ўсё!
Ігар, які слухаў размову і адначасова назіраў за Лупам, раптам так хутка, што ніхто не здолеў яму перашкодзіць, кінуўся да ваўка і апынуўся перад ім. Луп уздрыгнуў ад нечаканасці і прыўзняў сваю цяжкую галаву. Усе раптам прыціхлі, а Акцёр сутаргава сціснуў рукі. Ён памкнуўся следам за сынам, але інтуітыўна адчуў, што яго дапамога можа скончыцца дрэнна, бо напад звера можа быць некантралюемы, а яго словы проста глупства, і спыніўся.
— Ігар, назад! — выдыхнуў ён.
Але хлопчык працягнуў пачырванелую на холадзе далонь да галавы звера, вось ён дакрануўся да кончыкаў ваўчыных вушэй і па скуры Лупа хвалямі прайшла дрыготка, і вось далонь апусцілася на ваўчыную галаву.
Луп, вядома, зразумеў, што чалавечае дзіця не пагражае яму, але ж усялякі напад, свядомы ці не, усялякае ўварванне на яго тэрыторыю заўсёды лічыў як замах на яго, які ён павінен быў адбіваць. Луп адчуваў усё гэта вельмі акрэслена і дакладна. Ён адчуваў бы сябе значна лепш, каб яму на галаву паклалі галавешку, чым гэта дзіцячая далонь, пяшчотнае цяпло якой пякло яго зараз больш за агонь. Ён увесь дрыжэў, верхняя губа прыўзнялася, і паказаліся вострыя белыя іклы, і ўсе чакалі са страхам, але ён раптам, нібы ад спакусы, адвярнуў галаву ўбок і заплюшчыў вочы. Хлопчык перамог.