Луп - Страница 10


К оглавлению

10

Карнюшка, які спачатку стаяў як слуп, кінуўся да іх, але хлопчык ужо зняў руку з галавы ваўка, павярнуўся, ішоў назад і ўсміхаўся пераможна. Акцёр падхапіў сына на рукі.

Людзі загаманілі, заварушыліся, пачуўся нават смех. Напружанне спала.

— Ну што, пераканаўся? — з вышыні спытаў Ігар. — Чаму ж ён мяне не ўкусіў?

— Смелы малец, малайчына.

— А калі б кінуўся — ды за горла?

— Усё-такі звер.

— Якія тут жарты, дзягу зняць ды аперазаць…

— А воўк несапраўдны, не…

— Замест вартаўніка не пакінеш.

— З яго карысці, што ад свечкі цяпла.

— Лепш тую шаўку, што пад нагамі бегае. Яна хоць гаўкаць умее!

Акцёр, які толькі апрытомнеў і перамог немалую боязь, раптам адчуў гонар за сына.

— Ну што, — спытаў ён у Карнюшкі, — чаму твой звер не кусае?

Карнюшка ссунуў шапку са змакрэлага лоба.

— Дзіўна, — сказаў ён. — Цуд!

Мастак, які назіраў увесь час за ваўком, зрабіў крок наперад і скінуў рукзак.

— Больш не раю нікому падыходзіць, — сказаў ён змрочна. — Я іх звычкі крыху ведаю. Папярэджваю — не рабіце глупства!

— Чаму? — спытаў Акцёр.

— Ваўкі незвычайна чуллівыя і нервовыя істоты, — растлумачыў Мастак. — Пра іх мне шмат парасказвалі. Па-першае, яны беспамылкова вызначаюць небяспечных для сябе людзей, а па-другое — ён дзіцё пашкадаваў, а даросламу не даруе.

Мастак хацеў ісці далей, але раптам перадумаў. Ён выцягнуў з рукзака вялікі блакнот, з бакавой кішэні дастаў аловак і пачаў маляваць. З’явіліся лабатая галава, моцныя лапы, падгалістае тулава, ланцуг.

Студэнт з цікаўнасцю зазірнуў яму ў блакнот жоўтымі вачыма.

— А вось і Мастак з’явіўся, — з павагай сказаў ён.

Акцёр апусціў на зямлю сына і ўсхвалявана агледзеў купку людзей.

— Людзі! — сказаў ён. — Людзі мы ці не? Чаму пакутуе жывёла на ланцугу? Што мы збіліся, як авечкі ў дождж?

— Волю ваўку! — падтрымаў яго Студэнт. — Ён дастойны яе!

— Так, — ажывіўся Філосаф. — Волю яму!

— Адпусці звера!

— Няхай жыве!

— У лес яго!

— Яшчэ чаго, — сказаў Карнюшка. — Карміў колькі, а цяпер адпусціць? Няма дурных!

— Досыць! — ускіпеў Акцёр. Ён зняў з галавы капялюш (галава аказалася вялікая, а на макаўцы была лысіна), выцягнуў з кішэні чырвонец і кінуў туды. — Вось усё, што маю! Падтрымайце! Выкупім жывёліну, і няхай яна будзе вольная! Навошта яму ненавідзець нас, а нам яго!

У натоўпе заварушыліся.

— Я дам, — раптам сказаў Мешчанін. — У мяне восем рублёў.

Філосаф дастаў і паклаў у капялюш грошы.

— І я даю пяцёрку.

— А я траяк, — сказаў Студэнт. — Больш няма.

— Вось дык дзівакі! — крыкнуў нехта.

— І я дам, — сказаў Мастак і палез у кішэню. — Прымаеце ў кампанію?

— Брава! — крыкнуў Акцёр. — Хто яшчэ, чалавекі?

Купка людзей пачала прыкметна радчэць. Вецер узмацніўся, па небе ўвесь час беглі хмары. Самотная варона, седзячы на слупе, аглядала з вышыні рынак. Яна зрэдку каркала металічным голасам і чысціла дзюбу аб бетон.

Мастак дастаў з кішэні грошы, аддзяліў пяцёрку і паклаў Акцёру ў капялюш. Ён зноў ускінуў рукзак на плечы і хацеў рушыць прэч, але Акцёр спыніў яго і таропка паціснуў яму руку сваёй невялікай, пухлай даланёй.

— Дзякуй, малады чалавек!

— Слава Мастаку! — крыкнуў Студэнт.

13 гадзін

База «Райаграпрамзаб», дзе Рыгор павінен быў атрымаць па абменнаму фонду рухавік, знаходзілася ўбаку ад птушынага рынку. Такім чынам ідыёцкая, на погляд Рыгора, выдумка Сямёна Карнюшкі з ваўком абяцала і яму лішні клопат. Каб Карнюшка не быў з ім з адной вёскі, Рыгор увогуле не паехаў бы на рынак, не паліў бы дарэмна бензін.

Тое, што «Райсельгастэхніка» днямі перагрупавалася ў «Райаграпрамзаб» і «Аграпрамтэхніку», было яму даспадобы. Каб адрамантаваць рухавік, ужо не трэба чакаць тыдні, а то і месяцы. Варта здаць яго, і адразу атрымаеш новы па абменнаму фонду.

Але Рыгору не шанцавала. На базе доўгі час не было ні загадчыка майстэрні, ні начальніка. Рыгор пабадзяўся па тэрыторыі, пасядзеў у кабіне, пакорпаўся ў рухавіку і паціху зазлаваў. Урэшце загадчык з’явіўся, але на Рыгора, які адразу падляцеў да яго, глянуў няўважліва, сказаў:

— Згода, твой рухавік забіраем, але ж новы не выдаём.

— Абгрунтуйце мне ўсё пісьмова, каб я свайму старшыні прад’явіў, — патрабаваў Рыгор.

— Ты, хлопец, не крыўдуй, але без подпісу начальніка не магу. Справа нязвыклая. Аддам табе за тваё ламачча новы рухавік, а потым, калі што не так, дык мне адказваць. А Фядосавіч хварэе.

— Марудна нешта перабудоўваецеся, — злосна ўпікнуў Рыгор.

— У мяне адна галава! — незалюбіў загадчык.

— Без рухавіка дамоў не паеду, — зацята сказаў Рыгор. — Аднаго бензіну спаліў колькі. Грошы ж калгасныя!

Загадчык падумаў і параіў:

— А ты з’ездзі да Фядосавіча дамоў. Падпішы паперу, і мы цябе ўлагодзім.

Рыгор павесялеў.

— Давайце адрас.

…Ён неўзабаве знайшоў дом і кватэру, дзе жыў начальнік, але доўга прастаяў ля парога, усё ціснуў на званок, які, пэўна, быў няспраўны. Потым дзверы адчыніліся, але замест Івана Фядосавіча, начальніка базы, якога Рыгор бачыў раней, перад ім узнік малады хлопец, яшчэ падлетак. З рухавага скуластага твару на Рыгора падазрона ўталопіліся заспаныя вочы. Пафарбаваныя валасы пасмамі тырчэлі ўгору.

— Што трэба? — спытаў ён.

— Івана Фядосавіча, — сказаў Рыгор.

— А, да пахана, — паспакайнеў хлопец. — Ну, заходзь.

Гаспадар, рухавы, вельмі ўвішны мужчына гадоў сарака, але таўсматы, апрануты ў махровы халат, сустрэў яго незадаволена.

10